ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.

Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).

Р.А.Чарнушзвіч.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)